Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

жаласнага старца, тусклелі ў бедных пузырамі, ў багатыроў — мутным і таўстым бутэлечным шклом. Саламяныя маты і падстрэшшы закурэлі. Хаты курныя, без каміноў, і дым пракурыў усе шчэлачкі. Стрэхі з нізкімі шчытамі і акапамі. Сьцены абкладзены саломаю ці канаплянаю сувалкаю — дзеля цяпла. Гэта дом прыгоньніка, панскага падданага, гэта яго зьвярынае логава.

Пад‘яйджаючы да Турботных, войт няпрыемна ўразіўся: на вуліцы, ля сьцяны стаяў царкёўны дзераўляны крыж.

— Хаўтуры ў іх. Дзіцёнак у Турбоціхі памёр, — сказалі войту.

Ён нізка нахінуўся і ўвашоў у хату. Печ была толькі зачынена, і елкі дым яшчэ вісеў пад стольлю і еў вочы. На лаўцы ляжаў пад белым грубым палатном, з венчыкамі на галоўцы, сьсінелы маленькі дзіцёнак. Перад абразамі цеплілася жоўтым агоньчыкам чорная сьвечачка — падарунак якога-небудзь дзядзькі Ярмолы, тутэйшага зямца. Пад палком брыкала ў саломцы цялё; запёртая пад печаю курачка сакатала. У запечак забіліся, як зьвяркі, дзеці — дзяўчынкі. Сядзела ў кажухах некалькі спагадніц-цётак. Матка галасіла па дзіцяці:

А мой-жа ты дзетачка,
А мой-жа ты галубятачка!
Я-ж цябе вынасіла, выхварала,
На прыгон у кашолцы насіла,
Сама жытца панскае жала,
Цябе снапочкамі ад сонца загараджала.
А ты-ж мой дрыжоны сынулечка…