Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

Войт змагаўся і ня ведаў, як зрабіць. Здань панскага гневу палохала яго. Надаўшы паважнасьці, Рымарчук злосна буркануў:

— Няма там чаго… Зараз-жа рыхтуйся!

Баба абхапіла яго за ногі! і завыла. Ён, нарэшце, выпрастаўся і закрычэў ужо грозна, як прызвычаіўся за шмат гадоў вайтоўства.

Але баба раптам перамянілася.

— Не паеду! Забіце, замучце — не паеду я… Не пайду ад свайго сыночка. Не аддам яго малачка на панскія лекі… Не паеду!

Гэта было навіною Рымарчуку. І ён замяўся, ня ведаючы, што рабіць.

— Ну, ну, ну… — казаў войт, — пакрычы, каб князь пачуў, дурное бабства. Сёньня-ж увечары прыяжджай: пасьпееш пахаваць. Так і мужыку скажы. Ён дзе?

— На прыгоне… У лесе калоды валочыць на сплаў, — адказалі бабулі за яе, бо маўчала.

— Так і яму перакажыце.

Войт паехаў.

Па дарозе, воддаль ад цяжкага бачаньня, ён пачаў каяцца, што ня ўзяў адразу. „Ну ды нічога; можа, прывязуць мамку яшчэ адкуль“, — цешыў ён сябе.

Насустрач ехаў хлоп з возам карчоў і, угледзіўшы войта, хапатліва збочыў, тапіўся ў сьнезе каля вязнуўшага каня і скінуў шапку. Сабачка яго заліўся ярым гаўканьнем і кінуўся да вазка.

Войт з задаваленьнем працягнуў па сабачцы бізуном і ахінуўся кажухом цяплей.