Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

IV

— Як накарміць чалавека, каб аж піць папрасіў?

Пан Міхал уцяшаўся, што бяда блізка што мінулася. Адылі ўцяшаўся з асьцярогаю, каб ногды не давялося расчаравацца. „Накармеце-ж яе самую так, каб аж піць папрасіла!“ Чорт ведае, што гэта значыць? А трэба ўцяміць і ў дасканаласьці выканаць; доля войта зусім няваблівая. Рымарчук — хлоп; узьнесены панскаю ласкаю на высакосьці вайтоўства — сьмерд; яму лягчэй зрабіцца ізноў тым самым, чым быў некалі. А пан Міхал — шляхціц, хоць і заняпалы; яму ня зьнесьці сораму. Трэба старацца. Балазе, дагэтуль ішло баразною.

— Скажы ты мне, Яська, як накарміць чалавека, каб аж піць папрасіў, а? — спытаўся ён, сустрэўшы сабакара.

Той не зразумеў, прыняў за жарты і стараўся патрапіць пад панскі гумар; ён адказаў:

— Накарміць трэба ўволю, ласкавы пане.

— Накарміць? Ды мне па добрым абедзе курыць толькі хочацца, разумееш?

— А мне — піць. Анэгдай пасьля смажонага селядца я паўкухля квасу выжлуктаў у кухара, ласкавы пане.

— Ага, так, так, так! Па селядцу значыцца?

— Пасьля лазьні надта піць карціць, ласкавы пане

— Ага, пасьля лазьні яшчэ, Яська? Добра, добра, — ты разумны хлоп, псар Яська.