Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

Вучоны да ўсякіх штук, кот падскочыў, ударыўся аб клямку і рашчыніў дзьверы. У сенцах узьлез на паліцу і настабурчыўся: пачуў, быццам скрабаюцца мышы ў скрынцы з прыпасамі…

Тымчасам у дзьверы вытыркнуліся з надвор‘я морды двух хартоў — тонкіх, як вужакі, сагнутых дугою. Адзін з іх пацягнуў носам і зараз зьнюхаў зайца. Мякка, нячутна падышоў да столу, задраў войструю морду, схапіў у шырачэнную зяпу зайцаву галаву і цмыгнуў з сваім радым сябрам на двор у хартоўню…

Усьцешаны варочаўся назад галоўны кухар: князь быў да яго дужа ласкавы, пагаманіў з ім і нават даў пацалаваць сабе ў руку.

Але колькі ўжо прыпадкаў было ў гісторыі, што з самае вяршыні шчасьця чалавек раптоўна звальваўся ў самае бяздоньне плачу і адчаю.

Шчасьлівы кухар, праходзячы каля хартоўні, пачуў, што ў пуньцы — хрумстаньне, жвяканьне і ціхае вурчэньне… Харты нешта жаруць!

Сэрца яго ёкнула: ці не зайца сьцягнулі праклятыя сабакі, падобныя да чартоў?

Угрунь пабег ён да свае кухні, ускочыў, падбег к сталу, — зайца няма! Болем пеканула яму ў сэрца. Ён кінуўся ў чорны прыкухоньнік, шыбка аглядзеў усё і ўсіх. Зайца ня было, і кожны ціха займаўся сваёю работаю Як-бы за якой справай вышаў кухар ізноў на двор і марудна, прыціснуты няшчасьцем, паплёўся