Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

сярэднага веку мужчына, хворы, апохлы, а трэці — малады хлапец. Не пяршына была, што ў выселках цімакі хаваліся, аднак-жа гэтую тройцу Тарас надта неахвотна прымаў, быццам чуў бяду. Але дужа прасіліся гаротнікі, дык ён і згадзіўся ўзяць іх да сябе за здольнікаў.

Прышла вясна. Абжыліся троху цімакі, адпачнулі і з радасьцю віталі цяплейшы час. На сэрцы ў цімака заўсёды сьцюдзёная зіма, вось ён і рад усякаму цяплу і сьветласьці.

Сплылі ўжо астатнія крыгі па рацэ. Пагрымеў гром і пашчапаў пасохшую, трошку ліпкаватую зямельку на густое павучыньне, даўшы людцам знак, што і гараць пара. Хоць у полі, у аборках яшчэ поўна вады, але травяныя касьнікі пад ёй ля берагоў добра зазелянеліся. Над балотным купнікам, у веснавым паветры, з самае раніцы ўжо купаюцца шпаркія кігікаўкі з сваім нясьціханным крыкліва-дакучлівым: кі-гі! кі-гі! У лядзе-ж, сярод пнёў і леташняга карчэўя, забуяла тэй парою белая буквіца, бутоны сьвяжусенькія… Адылі і жоўтыя краскі зацьвілі. У полі яравым абы-дзе і таўкачыкі расьлі. Лес папукаўся. Прыняліся людзі гараць.

Дзень згону ў нядзелю адбывалі паном. Але на дворныя заворыны, хоць быў чацьвер, пагнаў войт усіх-чыста з Пнеўшчыны. Наўмысьля сам прыяжджаў, крычэў, што высялковыя зусім ад рук адбіліся, робяць толькі сабе, — сагнаў усіх і патурыў у двор. Паехаў і Тарас. А цімакі яго, пачакаўшы, пакуль