Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

— А, так! Добра-ж! — кінуў урэшце пан; — добра-ж, — кажа, — пабачым, як-то ты ня ведаеш. Марш назад!

Скамандаваў, сеў на дрожкі, і ўсе ізноў пасыпалі за ім, пасунулі да хат.

„Не, не скажу, нізашта не скажу“, разважаў на дарозе Тарас: „хоць да сьмерці хай заб‘юць, але ня прызнаюся“. Як так надумаў, то й на сэрцы весялей зрабілася.

Тымчасам прыехалі на вуліцу і сталі наўпроці Тарасавае хаты. Там ужо сабралася троху людзей; сярод баб і дзяцей выла і кідалася Тарасіха з сваім малым на ўлоньні, але-ж яе хапалі за рукі і гэтак ня пушчалі. Зараз прыцягнулі на вуліцу вялікі зэдаль і побач з ім паставілі начоўкі з мочаным бярозавым гальлём. Відаць, ужо раней аб гэтым паклапаціліся, пакуль вялі арыштованага з поля. Як убачыў бедны Тарас, што яму рыхтуецца, аж задрыжэў і рукі, ногі памлелі, хацеў нешта сказаць, дык язык не варочаецца. Прыхінуўся, зьвязаны, да хаты. І сьвет быў ня міл, хоць сонейка сьвяціла. Меліся ўжо пачынаць, але начальнік стаў штось марудзіць, задумаўся. Народ і казакі ўзіраліся на пана, ня ведаючы, аб чым так замаркоціўся.

Тады ён дастаў з кішэні кавалак паперыны і алавік, сеў на прызбу і на калене напісаў запіску. Паклікаў на ківы аднаго казака і сказаў, аддаючы цадулку:

— За гадзіну вярніся мне з папом.

Скочыў казак на каня, перавёў яго з размаху нагаём і закурыўся пылам-дымам, як шалёны.