На ёй я заснаваў сваю друкарню,
Калі закончыў я змаганне з лёсам
За першае сваё, адзінае каханне.
Мне сілы трэба будуць. Знаю, выпадкова
Хвароба біскупа пралом у цытадэлі,
У варожым стане для мяне зрабіла,
І мы прайшлі без лішніх намаганняў.
Яны апомняцца і ў наступ рушаць зноў.
І мне хацелася-б, каб ты, мой месяц ясны,
Была са мной і думкамі і сэрцам,
Каб мог я чэрпаць сілы у душы тваёй,
Як воін стомлены, п’ючы ваду з крыніцы
Крыштальна чыстай, Маргарыта…
Маргарыта.
І думкай і душой да самай смерці
3 табой я буду непадзельна, Юрка.
Георгій.
Дык вось чаму і Товій…
Маргарыта.
Забудзься на яго!
Айцец Сіман.
Пайдзём шукаць іх! Што за здзек з гасцей?
Князь і княгіня зніклі, а баяры
Перапіліся і ляглі пад лаўкі ўпокат.
Каму-ж крычаць, што хмель удаўся горкі?
Чакайце! 3 Товіем заморскае святло
Падрыхтавалі мы паблізу. Дайце свечку!
А. Сіман.
А вось яны! Лавіце галубкоў!
Георгій.
Нашто лавіць? Мы самі ў рукі прыдзем,
Палонныя і дружбы і вяселля.
А. Сіман.
У карагод, у карагод, дзяўчаты!
Эх, раса мне перашкаджае, а то-б я…
Скамарох.
А вось і мы, жартаўнікі і скамарохі!
Мы абяцалі колісь, князь Георгій,
Што на вяселлі на тваім паскачам і спяём,
Што мёду моцнага і хмельнага пап’ём,