Шпілер.
Ах, моладзь, моладзь, сорам! Пан Георгій,
Збірайся ехаць. Я іду за Ёган.
Скамарох.
Эй, малады купец, а за нявесту?
За нарачоную тваю і за вяселле?
Каб нам яго іграць, а вам скакаць здаровым!
Скамарохі (п’ючы).
Горка, малады купец!
Горка!
Лукаш.
Цыцце, племя сатаны! Сабраўся чалавек
Ў дарогу дальнюю, на справу на святую…
Скамарохі.
А мы, каб весялей жылося, шчаслівей былося,
І на карысць вялося, і вянком плялося — Вясельную!
Шпілер.
Ну, гэр Люкас, я думаю, ў далейшым
Вы не забудзеце, што я зрабіў для пана Юр’я:
Няхай сабе слугой у Ёгана, але ён едзе…
Лукаш.
Слугой у Ёгана? А гэтага не хочаш?
Шпілер.
О-о, вас іст дас?
Лукаш.
А гэта кукіш, ратман, ды й на блюдзе.
Ні я ў цябе, ні сын мой у твайго,
Ні наш народ у немцаў век слугой не будзе!
Георгій, ваяводы сын чакае. Селі на дарогу!
Шпілер.
Прыпомні, Ёган, там яму…
Лукаш.
Пайшлі. Застанься, Маргарыта.
Убачаць людзі, сорам.
Маргарыта.
Мамка! пабудзь са мной, мне млосна.