Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

права ў Літве, Беларусі і Украіне можна лічыць польскі ўплыў, У. І. Пічэта шукае адказу ў экономічнай політыцы літоўска-беларускага ўраду і ў гаспадарчай эволюцыі таго часу, што можна наглядаць у тым, што месты атрымліваюць майдэборскае права не ў адзін час, а паступова. У заходніх краінах, дзе гаспадарчая эволюцыя адбывалася раней, месты атрымалі майдэборскае права ў XV ст. Усходнія краіны, дзе гаспадарчая організацыя болей прымітыўная і станавасьць ня пусьціла глыбокіх карэньняў, процэс адбываецца пазьней. З паловы XVI ст. і тут пачаўся процэс гаспадарчай эволюцыі і станавага адасабленьня грамадзянства, што павяло да росту мест і мястэчак і атрыманьня імі майдэборскага права. Майдэборскае права толькі прысьпешыла выдзяленьне места ў самастойную адміністрацыйна-гаспадарчую адзінку. „Выдзяленьне места, - па думцы Ў. І. Пічэты,— адбылося ў Літоўска-Рускай дзяржаве і незалежна ад майдэборскага права, але выключна з прычыны экономічнага разьвіцьця краіны".

Такім чынам, У. І. Пічэта зусім правільна падышоў да вырашэньня пытаньня аб прычынах пашырэньня майдэборскага права з экономічнага пункту гледжаньня і гаспадарчае эволюцыі мест. Заслугай У. І. Пічэты зьяўляецца тое, што ён рашуча выступіў супроць поглядаў Уладзімерскага-Буданава і Антановіча і паставіў у сувязь пераход мест на нямецкае права з процэсам гаспадарчае эволюцыі краіны, а таксама з узмацненьнем станавасьці і грамадзянства. Аднак, У. І. Пічэта яшчэ значную вагу прыдае добрай волі ўраду, які ўмыслова надаваў нямецкае права з гаспадарчымі мэтамі.

У польскай літаратуры ў XX ст. проф. Станіслаў Кутшэба ў сваёй працы: „Historya ustroju Polski w zarysie. Т. ІІ. Litwa“, якая выдана ў Львове ў 1914 г. і другое выданьне ў 1921 г., удзяліў нязначны лік старонак высьвятленьню пытаньня аб палажэньні і організацыі літоўска-беларускіх мест. Трактоўка пытаньня заснавана не на самастойных досьледах, але на працах Антановіча, Уладзімерскага-Буданава, Любаўскага, Доўнар-Запольскага, Лаппо, Гальбана, Тараноўскага і Грушэўскага. Проф. Кутшэба падзяляе месты на дзьве групы: месты на тубыльным праве і на праве нямецкім.

Па думцы проф. С. Кутшэбы, тып заходня-эўропейскага места, якое значна выдзелена ад акольнае тэрыторыі, не існаваў ня толькі ва ўласнай Літве, якая наогул не ўтварыла мест, але і на Русі, хаця там і сустракаюцца значныя конглёмэраты насельніцтва, якія акрэсьлены, як месты. Такога віду мест было нямнога: Кіеў, Полацак і Віцебск. Аднак, і гэтыя месты па палажэньні свайго насельніцтва не выдзяляліся ад акольнае тэрыторыі. Што датычыць іншых мест, як