Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

2. „Ius municipale : to jest prawo Miejskie Majdeburskie, nowo z łacińskiego i z niemieckiego na polski język z pilnością i wiernie przełożone przez Pawła Szczerbicza".

Працы П. Шчэрбіча былі перавыданы ў 1610 г. ў Познані і ў 1646 г. ў Варшаве, разам з правам хэлмскім.

XVII сталецьцю належыць адзін помнік майдэборскага права, а ўласна, праца Замосьцьскага каноніка і ордынарнага профэсара Юрыдычнай акадэміі Бэнэдыкта Зэлехоўскага, выданая ў Замосьці ў 1643 г., пад назваю:

„Digestum Iuris Saxonici Provincialis, Partibus sex comprehensum, et novis expositionibus, atque cum lure Communi conciliationibus claris, ad omnium praesertim, qui forum agunt, usum communem illustratum".

З усіх гэтых выданьняў нямецкага права самым пашыраным, з погляду Тараноўскага, былі выданьні Гроіцкага і Шчэрбіча.

У наш агляд літаратуры па гісторыі мест Літоўска-Беларускага княства не ўвайшлі некаторыя працы, як М. С. Грушэўскага, — аўтара „Історіі Украіны-Русі“, які ў V т. сваёй працы ўдзяляе даволі значнае месца організацыі украінскіх мест, а таксама пытаньню, у якой форме ўжывалася нямецкае права ў местах Беларусі; не разгледжана праца А. Halban’а, „Zur Geschichte des deutschen Rechts in Podolien, Wolhynien und der Ukraina", Berlin, 1896 г. Гэтыя працы непасрэдна не датычаць мест Беларусі і, маючы на мэце абмежавацца ў сваёй працы тэрыторыяй Літвы і Беларусі, ў сьціслым значэньні і этнографічных межах, мы наўмысьля ня ўводзілі іх у агляд літаратуры. Што датычыць працы Гальбана, то яна зьяўляецца дапаўненьнем і разьвіцьцём поглядаў, якія былі выказаны проф. Кісьцякоўскім і разьвіты Ф. В. Тараноўскім.

Аглядаючы літаратуру па гісторыі мест былога Вялікага Княства Літоўскага прыходзіцца прызнаць, што толькі дзьве працы — Уладзімерскага-Буданава, „Немецкое право в Польше и Литве“, і А. С. Грушэўскага „Города Великого княжества Литовского" спэцыяльна прысьвечаны вывучэньню гісторыі і організацыі мест, бо працы Кісьцякоўскага і Тараноўскага вывучаюць толькі вузкае пытаньне аб тым, што трэба разумець пад нямецкім правам у сьціслым значэньні слова і ў якой форме і ў якім выданьні яно ўжывалася. Усе іншыя працы—Ярашэвіча, Любаўскага, Доўнар-Запольскага, Пічэты і Кутшэбы закранаюць пытаньне толькі мімаходам, паколькі гэта патрабуюць асноўныя мэты і задачы іх прац. З гэтай прычыны ў значнай меры можна сказаць, што ў адносінах да беларускіх мест толькі пачата пастаноўка іх