Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/4

Гэта старонка была вычытаная

ных павіннасьцям і падаткаў, зрабіла ня мала шкоды для дзяржаўнае ўлады і даходаў скарбу.

Першаю працай у расійскай мове, якая ўвогуле ахапляе гісторыю ўсіх мест Беларусі, разам з гісторыяй мест Польшчы і Украіны, зьяўляецца праца гісторыка-юрыстага Ўладзімерскага-Буданава пад назвай: „Немецкое право в Польше и Литве. Сочинение Владимирского-Буданова. С.-Петербург, 1868.“

Проф. Уладзімерскі-Буданаў з свайго погляду высьвятляе сутнасьць нямецкага права і сфэру яго тэрытарыяльнага пашырэньня, закранае пахаджэньне нямецкага меснага права, дае нарыс мест да дараваньня майдэборскага права, вызначае правы мест на аснове майдэборскага права, апісвае мескія ўстановы і, нарэшце, дае гісторыю грамадзкай організацыі мест Украіны з канца XVII сталецьця.

Асноўны выходны пункт погляду Уладзімерскага-Буданава—гэта палажэньне, што асноўнаю прычынаю заняпаду мест „юго-западного края“ была ўласна самая іх організацыя, гэта значыць, нямецкае майдэборскае права[1]. Нямецкае права Уладзімерскі-Буданаў лічыць асноўным злом для славянскіх зямель; яно, па яго думцы, адарвала места ад „земства", гэта значыць, вёску з яе насельніцтвам, і было асноўнай прычынай утварэньня станаў і разбурэньня адзінства грамадзянства, якое існавала да часу зьяўленьня нямецкага права. Па думцы Уладзімерскага-Буданава, станы насельніцтва, як баяры, мяшчане, гарадзкія дваране і чорныя людзі, хаця існуюць і да ўвядзеньня нямецкага права, але паміж іх існуе толькі фактычная розьніца, а ня юрыдычная. Імкненьне баярства выдзеліцца ад усёй масы насельніцтва зьяўляецца толькі ў той час, калі праз шляхецкія прывілеі ў Польшчы і Літве сталі пашырацца заходня-эўропейскія пагляды. Баяры-шляхта, напрыклад, імкнуцца вызваліцца ад агульна-мескіх падаткаў, але гэта ім не ўдаецца да таго часу, пакуль дараваньне майдэборскага права не выдзяляе іх ад іншых груп насельніцтва места. „Мескае нямецкае права ўнесла станавую адасобленасьць у грамадзянства, якой да гэтага часу ў Польшчы і Літве ня было". Дараваньне местам майдэборскага права „зрабіла вялізарнейшы ўплыў на пахаджэньне і разьвіцьцё шляхецтва“. У процілегласьць гэтаму, па думцы проф. Уладзімерскага-Буданава, старажытна-славянскае места яднала ўсе групы грамадзянства. Места галава зямлі, а зямля складалася з многіх грамад, якія ўваходзілі ў склад зямлі[2]. Такім чынам, Уладзімерскі-Буданаў адмоўна

  1. Владимирский-Буданов. Немецкое право в Польше и Литве, стар. 2.
  2. Ibidem, стар. 110.