Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

адносіцца да нямецкага права і лічыць яго прычынай усіх соцыяльных бед свайго часу. Гэты пагляд утварыўся, дзя­куючы формальна-юрыдычнаму падыходу да вывучэньня гіс­торыі мест з майдэборскім правам і слабому яшчэ вывучэнь­ню ў той час гісторыі станаў, як у Польшчы, так і ў княстве Літоўскім.

Трымаючыся такога пагляду, проф. Уладзімерскі-Буданаў высьвятляе сутнасьць і зьмест нямецкага права, якое пашырылася на тэрыторыю Польшчы, а затым і вялікага княства Літоўскага.

Сутнасьць нямецкага права выяўляецца ў тым, што каралі і князі перадавалі свае правы мескім або сельскім грамадам і паасобным установам і асобам. „У разуменьні княскага права (jus ducale) зьмяшчаюцца правы на падаткі, павіннасьці, рэгаліі, правы судовай і адміністрацыйнай улады. А вядома, што правам суду і зьбіраньнем падаткаў, вычэрпваліся ўсе правы вярхоўнае ўлады ў сярэднія вякі[1]. Прывілеі на нямецкае права, галоўным чынам, маюць у сабе перадачу вярхоўнаю ўладаю праў суду і звальненьне ад падаткаў і павіннасьцяй. Аднак, гэтая перамена не зьмяншае фінансавых сродкаў вярхоўнай улады, а, наадварот, павялічвае іх, бо прывілеі даюцца княскім маёнткам або іх местам. Дараваньне льгот і праў прыцягвае насельніцтва, а ўпарадкаваныя падаткі даюць магчымасьць для княскай улады атрымліваць больш высокія прыбыткі з сваіх маемасьцяй. Ня гледзячы на гэта, сіла і значнасьць вярхоўнай улады падае ў Польшчы. Адбываецца гэта з прычыны замены старога спосабу нясеньня вайсковай службы, які заключаўся ў тым, што пры асноўным ядры вайсковай сілы—княскай дружыне—існавала ўсенароднае ваеннае апалчэньне (рушэньне). З XIV сталецьця народнае апалчэньне зьнікае, а замест яго ваенная служба зьяўляецца абавязкам зямляўласьнікаў-шляхты, якія захапілі ўсю зямельную маёмасьць. „Ваенная годнасьць і права на ўладаньне зямельнай маёмасьцю сталі сынонімамі". „Мяшчанам у Польшчы было забаронена ўладаць зямлёю з тэй прычыны, што яны дрэнныя воіны".

Такім чынам, „нямецкае права паменшыла фінансавыя сродкі двума спосабамі: а) непасрэдна, праз звальненьне усё большага і большага ліку духоўных і сьвецкіх маемасьцяй ад падаткаў і павіннасьцяй і б) праз звальненьне мескіх грамад ад ваеннай павіннасьці, што прымушала князёў (і каралёў) павялічваць лік дружыньнікаў і даваць ім утрыманьне, перадаючы ім правы на прыбыткі з сваіх маёнткаў".

Асабліва шкодным было дараваньне нямецкага права

  1. Ibidem, стар. 9.