Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

прыватным зямляўласьнікам як духоўным, так і сьвецкім. Зямляўласьнікі дараваньнем прывілею на нямецкае права звальняліся ад пазямельных падаткаў, ад натуральных пабо­раў, ад стацый, ад падводнай павіннасьці, ад старажавой і замковай павіннасьці (апошнія складаюць частку ваеннай павіннасьці) і ад іншых многіх падаткаў і павіннасьцяй.

З дараваньнем нямецкага права да зямляўласьнікаў пераходзілі суд і адміністрацыя, у той час як у старажытнай Польшчы і ў рускіх землях адміністрацыя і судовая ўлада ня мелі прыватна-ўласьніцкага характару. Дзяржаўныя пасады, як кашталяны і ваяводы, ня мелі прыватна-ўласьніцкага характару, і прыватныя ўласьнікі ня мелі праў княскай улады. „У старажытнай Польшчы і Русі нават ніжэйшая юрысдыкцыя не належала зямляўласьнікам у іх маёнтках. З часоў увядзеньня нямецкага права ў Польшчы і Заходняй Русі, мешаніна прынцыпаў прыватна-ўласьніцкага і дзяржаўнага была прычынаю поўнага заняпаду княскіх праў на судовую і адміністрацыйную ўладу"[1].

Вынікам дараваньня нямецкага права зьявілася: 1) поўная судовая і адміністрацыйная ўлада зямляўласьнікаў над людзьмі, якія жылі ў іх маёнтках, 2) утварэньне судовай і адміністрацыйнай незалежнасьці мескіх грамад і 3) грамадзкія пасады набылі прыватна-ўласьніцкі характар; утварыўся старасьцінскі ўрад, адміністрацыйная і судовая ўлада якога набыла характар прыватнай уласнасьці. Па думцы Уладзімерскага-Буданава старасьцінскую ўладу можна вытлумачыць толькі з асноў нямецкага права, бо іншага тлумачэньня ў літаратуры няма[2].

Вынікі нямецкага права пашырыліся і на Літву прывілеямі 1413, 1447 г. і іншымі. У гэтых прывілеях і ў іншых пазьнейшых, падобных ім, у Літву паступова пранікае jus ducale (княскае права) зямляўласьнікаў, якое ў Польшчы склалася пад уплывам нямецкага права. Паступова і ў „Літоўска-рускай“ дзяржаве зямляўласьнікі набываюць вярхоўную уладу ў сваіх землях ня столькі пад уплывам атрыманых прывілеяў, сколькі пад уплывам бытавога збліжэньня з Польшчай. Урэшце і тут паны становяцца запраўднымі феўдальнымі баронамі ў XVI і XVII сталецьцях[3].

Такім чынам, Уладзімерскі-Буданаў прыходзіць да вываду, што нямецкае права як у Польшчы, так і ў Літве, было прычынаю ня толькі ўтварэньня станаў, але і перанясеньня праў дзяржавы да прыватных зямляўласьнікаў, якімі

  1. Ibidem, стар. 29.
  2. Ibidem, стар. 49.
  3. Ibidem, стар. 56.