Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

зьяўляліся паны. Утварэньне феўдальных узаемаадносін паміж станамі грамадзянства таксама было вынікам пашырэньня нямецкага права.

Пры разглядзе ўзаемаадносін паміж зямляўласьнікамі і насельніцтвам, якое жыло на іх землях, Уладзімерскі-Буданаў прыходзіць да вываду, што нямецкае права ўтварыла прыгон і ў Польшчы і ў Літве, бо яно прымацавала селяніна да зямлі; таксама яно забараніла свабодны дагавор паміж зямляўласьнікам і селянінам. Разам з тым нямецкае права павялічыла падаткі і павіннасьці насельніцтва на карысьць зямляўласьнікаў і дапамагло абезьзямеленьню сялянства.

Такое рашучае значэньне ў складаньні ўсяго соцыяльнага жыцьця грамадзянства Польшчы і Літвы надае ўладзімерскі-Буданаў пашырэньню нямецкага права. Аднак, у яго працы выяўляецца і супярэчнасьць асноўным вывадам. Так пры разглядзе палажэньня сялянства ў Польшчы па польскім праве Уладзімерскі-Буданаў не адмаўляе, што сяляне па польскім праве ня былі вольнымі[1].

Разгледзеўшы значэньне нямецкага земскага права і яго ўплыву на Польшчу і Літву, Уладзімерскі-Буданаў дае нарыс нямецкага мескага права (Weichbild) і яго пашырэньня ў Польшчы і Літве. Даўшы кароткі агляд нямецкага мескага права, Уладзімерскі-Буданаў вызначае паняцьце Weichbild— мескай акругі. Пры гэтым ён зазначае, што нямецкі Weichbild не аднальковы з польскім і літоўскім. Нямецкая акруга ахапляла ў адміністрацыйных і судовых адносінах ня толькі места, але і прылеглую да яго сельскую мясцовасьць. У Польшчы і ў Літве, з увядзеньнем нямецкага мескага права і з утварэньнем самакіраваньня места, яно адарвалася ад зямлі, цэнтрам якой яно было. Калі пад местам стала разумецца насяленьне, дзе жывуць рамесьнікі, шынкары і гандляры,—зямляўласьнікі канчаткова звальняюцца ад суду і адміністрацыі мескае ўлады. З разьвіцьцём мескага права наступае поўнае разбурэньне Weichbild‘у, гэта значыць, мескай акругі, як яна разумелася ў Саксоніі. Weichbild абмяжоўваецца сьценамі места і вёскамі, якія належаць месту, як іх уласьніку. Зямяне—шляхта—звальняюцца ад падсуднасьці мескаму суду і для іх утвараецца свой суд—земскі. У польскіх краінах ня места аддзяляецца ад зямлі для захаваньня сваёй незалежнасьці, але зямля ад места, з прычыны замахаў места на самакіраваньне зямлі.[2]

Асабліва шкодным уплыў нямецкага мескага права, па думцы Ўладзімерскага-Буданава, быў у Літоўска-"рускай“ дзяр-

  1. Ibidem, стар. 67 і 76.
  2. Ibidem, стар. 106.