Старонка:Дружчыц Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная

В. Дружчыц.

Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі

Умовы Люблінскай вуніі.

Акт Люблінскай вуніі ня прыходзіцца прызнаваць за дагавор дабравольна заключоны на асновах перегавораў роўнага з роўным. Гэта хутчэй вынік вымушанай згоды праціўніка, які здаўся на ласку пераможцы. У такім становішчы была Літоўска-беларуская дзяржава ў час заключэньня вуніі. З аднаго боку пагражала існаваньню Маскоўшчына, якая ў асобе Івана Грознага заняла ня толькі прынятую ў склад дзяржавы Лівонію, але і значную частку Беларусі, а іменна: землі Полацкую і частку Віцебскай і пагражала самаму цэнтру дзяржавы. З другога боку, карыстаючыся гэтым цяжкім надворным становішчам літоўска-беларускага гаспадарства, Польшча—юрыдычная саюзьніца і зьвязаная з ім пэрсональнай вуніяй, аннексіравала Падлясьсе і ўсю Украіну, грунтуючыся на фікцыйных падставах [1], што гэтыя землі з пакон вякоў належалі да Польшчы. Утварыўшы такую аннексію, польская шляхта, марыўшая аб абшарах Украіны, здаволіла свае апэтыты, і далейшая справа аб злучэньні апошняго кавалка Літоўска-Беларускай дзяржавы, самага яе сэрца—цэнтра, пашла болей нормальна. У процэсе складаньня акту вуніі прыходзіцца зьвярнуць увагу на дзьве складных часткі польскага Сойму, апроч шляхты, рабіўшых уплыў на адбываўшыяся зьявы: гэта кароль, ён־жа і вялікі князь літоўска-беларускі, і сэнат—або каронная рада. Кароль, хаця і знаходзіўся ў поўным абкружэньні польскіх паноў і шляхты, ня мог забыць сваіх дэклярацый, якія зрабіў, нядаўна, напрыклад, у навуцы гаспадарскай, да павятовых Літоўскіх соймлікаў, скліканых у часы Люблінскага сойму, дзе абяцаў ״постерегати, иж бы в ровности тые панства захованы были, а одно на другое не вывышало“. [2] Кароль быў аднэй з трох складных частак Сойму; 1) Кароль, 2) Паны-рада, або Сэнат і 3) Пасольская ізба. Ня гледзячы на ўсю яго бесталентнасьць і залежнасьць ад Сэнату і паслоў, хоць маленькі яго ўплыў на канчатковым вырашэньні вуніі захаваўся.

Другой сілай быў Сэнат, складаўшыйся з буйных земляўласьнікаў духоўных і сьвецкіх. Іх клясавыя інтарэсы не супадалі з інтарэсамі сярэдняй і асабліва дробнай шляхты, прадстаўнікамі якой была пасольская ізба. У гэты час паны сэнатары, як прадстаўнікі фэўдальнага магнацтва, ужо выпускалі ўладу з сваіх рук; галоўная роля ў кіраўніцтве польскай дзяржавай пераходзіла да шляхты.

Поўнае злучэньне з Літоўска-Беларускай дзяржавай пагражала новым наплывам такога-ж дробнага і сярэдняга шляхэцтва, якое яшчэ болей узмацняла־б шэрагі свайго ўласнага шляхэцтва і тым болей па-

  1. Прывілей на далучэньне Падлясься, Валыні і Кіеўшчыны. Vol. legm. II, ст. 77-87.
  2. Любавский-Литовско-русский сойм, прилож. 77, ст. 220