было надрукавана эвангельле[1]. У 1639 годзе друкарня выпусьціла „Брашно духовное, сирѣчь Псалмы молитвы пѣнія благодареніе, и каноны и прочая... От многих святых книгъ собранныа злѣскуждняы и душеполезныя”[2]. У 1642 годзе быў надрукаваны „Псалтырь блаженнаго пророка и цара Давида, с пѣсми и псальмы избранными, на праздники Господскія и святыхъ нарочитыхъ с молитвами и тропари по коейждо каф.”[3]. Праз чатыры гады (1646) вышаў „Октоих, сирѣчъ осмогласникъ воскресный” [4]. У 1647 годзе друкарня выпусьціла „Трифологіонъ, или Цвѣтословъ. Избранныя службы, со всенощными: на господскіа праздники, богородичны и святыхъ нарочытых”[5]. У 1650 г. быў надрукаваны „Псалтырь блаженнаго пророка царя Давида съ пѣснми псалмы избранными на праздники Господскіе и святыхъ нарочитыхъ съ молитвами утреними и вечерними и съ Пасхаліею и тропари по коейждо кафисмѣ"[6]. Дзейнасьць друкарні ў 1651 годзе выявілася ў публікацыі „Діоптра или Зерцало і изображение живота во мірѣ семъ человѣческого"[7]. У 1652 годзе быў надрукаваны „Новый завѣтъ съ Псалтырью впереди", у 1653 годзе „Дидаскалія о 7 сакраментахъ" і „Лексикон Словено-Россійскій", складзены Памвай Бэрындай, і, нарэшце, у 1654 годзе была перавыдадзена „Діоптра". Потым аж да 1790 году няма ніякіх вестак аб дзейнасьці друкарні.
XIII.
Друкарня ў Буйнічах.
Той самы Багдан Статкевіч, які заснаваў Кутэінскі манастыр, заснаваў манастыр і ў мястэчку Буйнічах каля Магілеву. Новазаснаваны Сьвятадухаўскі манастыр робіцца асяродкам, навокал якога яднаюцца супраціўнікі вуніі і каталіцтва. Кіеўскі друкар Сьпірыдон Собаль, які так інтэнсіўна працаваў у Кутэйне, адкуль ён перашоў у Буйнічы, заснаваў у манастыры друкарню[8]. Аднак, уся дзейнасьць Сьпірыдона Собаля выявілася ў выданьні ў 1635 годзе толькі аднаго „Псалтыру" [9]. У 1636 годзе Собаль пакінуў Буйнічы і перасяліўся ў Магілёў, дзе пачаў працаваць у друкарні Брацкага манастыра. Нашыя веды аб друкарні ў Буйнічах вельмі малыя, і болей няма ніякіх даных, якія-б гаварылі аб далейшай працы ў друкарні Сьвятадухаўскага манастыра ў Буйнічах. Пытаньне аб тым, чаму спынілася дзейнасьць друкарні, застаецца адчыненым.
XIV.
Супрасьлеўская друкарня.
Супрасьлеўскі манастыр у імя Добравешчаньня быў заснаваны ў 1498 годзе Аляксандрам Іванавічам Хадкевічам. Закладчык манастыра і яго дзеці падаравалі манастыру землі, якія забясьпечылі яго матар'яльнае становішча, і азначылі тыя правілы, якімі манастыр павінен быў кіравацца як у сваім унутраным жыцьці, такі ў сваіх адносінах да фундатараў, і мітрапалічай улады.