Старонка:Друшчыц. Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу.pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

цаваньня гэтых умоў, але сойм адхіліў іх. Пытаньне аб вуніі падымаецца некалькі разоў. Справа пайшла хутчэй пасьля таго, як шляхецтва стала на бок прыхільнікаў вуніі. Шляхецтва ў Літоўска-Беларускай дзяржаве ня грала яшчэ домініруючай ролі; апошняя належала паном, якія карысталіся гэтым і атрымлівалі для сябе вялікую карысьць, займаючы вышэйшыя пасады і адпаведныя ім маёнткі. Беларуска-літоўскае шляхецтва думала праз вунію зраўняцца ў правох з польскім шляхецтвам, якое ў гэты час ужо кіравала сваёй дзяржавай. Да гэтага далучыліся прыватныя інтарэсы шляхты Падлясься і Валыні. Літоўска-беларуская шляхта ў 1562 г., сабраўшыся ў вайсковым таборы над Віцебскам, склала нешта падобнае на конфэдэрацыю, якая паставіла сабе мэтай дабівацца вуніі з Польшчай. Польшча таксама была зацікаўлена ў вуніі. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст быў бязьдзетным. Была небясьпека, што пасьля яго сьмерці, літоўцы і беларусы выберуць на свой пасад маскоўскага князя. Падругое — польскае шляхецтва марыла, у выпадку ажыцьцяўленьня вуніі, атрымаць прасторы зямель, якіх у Польшчы не хватала, а да вуніі гэтаму перашкаджаў закон, па якому на ўрады і маёнткі мелі правы толькі „тубыльцы". Пасьля некалькіх пробаў, ня даўшых жадных рэзультатаў з прычыны розьніцы паглядаў на вунію беларускіх паноў, якія жадалі поўнай незалежнасьці і ўяўлялі сабе вунію толькі ў асобе агульнага гаспадара, і польскіх, якія хацелі інкорпорацыі Літвы і Беларусі ў карону польскую, нарэшце сабраліся ў 1569 г. на агульны сойм у Любліне. На сойме розьніца паглядаў выявілася вельмі рэзка, і літоўска-беларускім паны, убачыўшы, што іх пагляд ня пройдзе, паразьяжджаліся.

Тады пад націскам польскай шляхты, адчуваўшай нязгоду паміж літоўска-беларускім шляхецтвам і панамі, Жыгімонт Аўгуст далучыў да Польшчы Падлясьсе, Валынь, Кіеўшчыну і Падольле, г. зн. усе ўкраінскія землі і частку беларускіх. Пасьля гэтага, калі зьехаліся прадстаўнікі Літвы і Беларусі, ім нічога не заставалася, як падпісаць той акт, які ім запрапанавалі. Па умовах гэтага акту: 1) Літва і Беларусь маюць з Польшчай аднаго гаспадара, які носіць тытул караля польскага і вялікага князя літоўскага і рускага і выбіраецца на супольным сойме; 2) соймы для абедзьвюх дзяржаў супольныя і зьбіраюцца два разы на тэрыторыі Польшчы і адзін раз у Беларусі; 3) дагаворы і саюзы з другімі дзяржавамі заключаюцца толькі разам, таксама разам павінны весьціся агульна-дыплёматычныя зносіны; 4) уводзіцца адна монэта; 5) асобы шляхетнага стану і іх падданыя звальняюцца ад платы ўсякіх мыт і падаткаў пры продажы сваіх продуктаў дома або ў замежныя дзяржавы; 6) ад гэтага часу як паляком у Літве, так і літоўцам і беларусам у Польшчы, дазваляецца купляць маёнткі і займаць урады; усе законы і пастановы, што перашкаджаюць гэтаму, касуюцца; 7) урады і дыгнітарствы (дастоінствы), якія былі ў Літве і Беларусі да вуніі, застаюцца і пасьля вуніі; 8) усе законы і судовыя пастановы, правы і вольнасьці земскія, а таксама прывілеі прыватных асоб застаюцца ў моцы.

Па акту Люблінскай вуніі Літоўска-Беларуская дзяржава страціла сваю політычную незалежнасьць, але захавала значную долю самаўрадаваньня з сваімі цэнтральнымі ўрадамі і войскам, захавала сваё законадаўства — Літоўскі статут і сваю беларускую мову, як мову дзяржаўную.

Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай.

Люблінская вунія па сваім рэзультатам мела ня толькі політычнае, але нацыянальнае і соцыяльнае значэньне. У склад Польшчы ўвайшоў народ іншае мовы і рэлігіі. Праўда, рэлігія ў вышэйшых польскіх і беларускіх станах, дзякуючы значнаму пашырэньню рэформа-