буфэту. Гаспадыня нешта ёй кажа. Яна бярэ бутэльку, выцірае чаркі, пртатаўляе закуску на стол, дзе сядзяць Сьцяпан з Міхалкай).
Сьцяпан (да Міхалкі). Далібог! Ня сьмейся! Табе мо’ здаецца, што я кажу гэта цынічна, а ў мяне ў гэты момэнт душа, як у новароджанага дзіцяці… Далібог!
Міхалка (як раней). Хэ-хэ! Нашто казаць пустое! Я ведаю, хто ты, а ты таксама добра знаеш мяне…
Сьцяпан. Але… Але я кажу табе зусім шчыра, што на Маньку я гляджу інакш, як на іншых дзяўчат. Яна… яна мае ў сабе нешта з Форнарыны… Памятаеш?… Рафаэль — і простая дачушка нейкага пекара, нейкая Форнарыначка… А ён што з яе зрабіў?! Хто сёньня на сьвеце ня ведае прыгожасьці Форнарыны?
Манька (ставіць на іхні стол бутэльку, чаркі і г. п.).
Сьцяпан. А — вось і яна — наша цукерачка! Наша Манечка даражэнькая! (Да Міхалкі, узяўшы Маньку за руку). Га? што? праўду я казаў? — Кветка! вішанька! цукерачка!
Манька (засароміўшыся вырывае сваю руку з рукі Сьцяпана). Ды кіньце!…
Сьцяпан. Маня! (Паказваючы на Міхалку). Гэта вось мой найлепшы друг — Міхалка! Сядай, душачка, з намі — вып’ем, пагутарым… Ведаеш, мы з Міхалкай ужо другі дзень п’ём, як гыпопотамы.
Манька (саромліва апусьціушы вочы). Ня трэба піць, — гэта брыда…