Лякдугны, цягне на гармоніку мінорны тон).
Лякдугна (да Галубоўскага). А, і ты хочаш выпіць?… Ідзі, прынясі маю бутэльку.
Галубоўскі (ідзе ў другі пакой).
Лякдугна. Ён, як хоча выпіць, ніколі мне проста ня кажа, але толькі бярэ гэты мінорны тон… Мы адзін аднаго разумеем.
Галубоўскі (варочаецца з бутэлькай).
Лякдугна. Ну, бяры крэсла і сядай вось тут, каля мяне… Пі!
Галубоўскі (цягне на гармоніку іншы акорд).
Лякдугна. А, і закусіць хочаш, маэстро? Бяры, што хочаш, не рабі царамоніі… Мае прыяцелі павінна быць прыяцелямі і майго прыяцеля.
Міхалка (да Манькі). Ну, яшчэ чарачку!
Манька (крыху ўжо падвыпіўшы). Калі ўжо галава круціцца.
Міхалка. Э, няхай сабе круціцца! На тое чалавек і п’е, каб у галаве закруцілася… Ну, яшчэ! (налівае).
Манька. Калі я ўжо п’яная, з крэсла звалюся, — ха-ха-ха!
Міхалка (лёгка яе абыймаючы). Ня звалішся, бо вазьму як птушачку на рукі, прытулю да сябе, закалышу… (Падыймае ўгару чарку). Ну, браты!… (Дэклямуе):
Груканём, стуканём, чарка ў чарку, як сьлед,
Бач і стане душа паланеці агнём;
Весялей і сьмялей глянуць вочы на сьвет,
Весялей і сьмялей пойдзе ўсё хадуном.[1]
- ↑ З вершаў Я. Купалы.