Сьцяпан (з вясёлай іроняй да Міхалкі). А заўтра, Міхалка, як?… Пачынаем новае жыцьцё?
Міхалка. Я сягоньня ўжо пачаў новае жыцьцё!… Хадзі, Маня! (абыймае Маньку і садзіць на крэсла).
Сьцяпан. Добра! Давайце гарэлкі! Хай жыве наша Маня і — «новае жыцьцё!»
Галубоўскі (пачынае граць на гармоніку і пяяць):).
І пянёндзуф ня хцяла, ня хцяла, ня хцяла,
А па дзбанка плакала, а па дзбанка плакала…
ЗАСЛОНА.
ІІ.
Рэч дзеецца на другі дзень раніцай. На сцэне непарадак: на століках недапітыя чаркі, пустыя бутэлькі, няпрыбраныя астаткі закускі. Крэслы стаяць не на сваім месцы. Сталы заліты півам. З буфэту закускі і бутэлькі прыбраны.
Галубоўскі сьпіць на падлозе, падлажыўшы пад галаву гармонік.
На сцэне цемра, бо ваконьніцы яшчэ зачынены.
Манька (ўваходзіць з кухні і тузае Галубоўскага). Пан Галубоўскі! а, пан Галубоўскі! Уставайце, бо ўжо позна.
Галубоўскі (не ачуняўшы ад сну). Га? хто прыйшоў?… А! позна кажаце (пазёувае і працягваецца). Ааа!… ой, бакі баляць!…
Манька. А я ня раз казала: чаму ня возьмеце са складзіку выкінутага там сяньніка? Можна-б яго палатаць і зусім добра бы-