ло-б спаць. А то вы на голай падлозе, як сабака.
Галубоўскі. Усё роўна! Як сабака жыву, як сабака памру… Усё роўна!
Манька. Адчынеце, пан Галубоўскі, ваконьніцы… Ужо пара адчыняць рэстаран…
Галубоўскі (выходзіць; чутно, як лязгаюць адчыняемыя ваконьніцы; на сцэну падае сьвет сьвежага сонечна дня; праз мамэнт варочаецца назад).
Манька (парадкуючы сцэну). Чаму гэта вы, пан Галубоўскі, заўсёды махаеце рукой і кажаце: ўсё роўна! Ня «ўсё роўна», бо кожны стараецца, каб яму было ляпей. Вось толькі вы…
Галубоўскі. Сьмерць ідзе! Чую: сьмерць ідзе!… Ужо хутка… Нашто мне лепшае? Усё роўна: скрыня з дошчак, сіроцкія могілкі… Згнію, як падла.
Манька. Э! яшчэ не памрэце…
Галубоўскі. Памру! (паказвае рукой на горла). Тут душыць… ведаю… Мой бацька таксама: тут здушыла — памёр!…
Манька. Пан Галубоўскі! Ці гэта праўда, што людзі кажуць: што вы маеце жонку?
Галубоўскі. Маю — сьцерву.
Манька. Чаму-ж вы з ёй не жывецё?
Галубоўскі. Выгнала мяне падла.
Манька. Выгнала? Чаму?
Галубоўскі. Як піць пачаў — выгнала. З іншым зыйшлася, каб ёй немач!
Манька. Кажуць, вы службу нейкую мелі? чыноўнікам былі?
Галубоўскі. У канцылярыі пісаў, трыццаць рублёў браў. Добра жылося, пакуль ня піў.