адчыняе вакно і гавора за сцэну). Добры дзень!… Што?… Не, нікагусенькі!… Чаму-ж не, але ў нас яшчэ ўсё зачынена, бо гаспадыня яшчэ сьпіць… Што?… Добра!… (саскоквае са стала і бяжыць да ўходных дзевярэй).
Міхалка (ўваходзіць з нейкімі пачкамі). Добры дзень, Маня!
Манька. Добры дзень, пан Міхал!
Міхалка. Га? ізноў «пан Міхал!»… Забылася?
Манька. Калі неяк так… сорамна казаць…
Міхалка. Ну, Маня, не саромся!… Кажы: Міхась, Міхалка — як хочаш, толькі ня: пан Міхал.
Манька. Міхась… калі, далібог, не магу…
Міхалка. Ну, вось сказала «Міхась» — і добра! А ўчора ты мне казала «Міхась» і не саромілася.
Манька. Бо ўчора я зашмат выпіла… Фу!… (паказваючы на пачачкі). Што, гэта пан Міхал…
Міхалка. Што?!
Манька (паправіушыся). Што гэта Міхась прынёс?
Міхалка. А вось зараз пабачым… (Разьвязвае торбачкі). Вось гэта яблыкі, а тут вось пірожныя, а гэта цукеркі…
Манька. На што гэта?
Міхалка. Будзем есьці.
Манька. Ня трэба… Шкада грошай…
Міхалка. Глупства… Маеш, бяры, Манечка!
Манька (пачынае есьці). Гэта мусі шмат каштавала?