Міхалка. Глупства… Ведаеш што, Манечка: ці ня знойдзецца ў вас гарачай гарбаты?
Манька. Есьць. У гаспадыні ў пакоі кіпіць самавар.
Міхалка (устрымоўвае яе). Це!… я не хачу, каб сюды прыйшла гаспадыня…
Манька. Нічога… Яна яшчэ сьпіць… (выходзіць).
Міхалка (астаўшыся адзін, бярэ з буфэту пустыя талеркі, раскладвае на іх свой трактамэнт і ставіць на стале).
Манька (варочаецца з 2-ма шклянкамі гарбаты). Як бачу, то пан Міхал ласун.
Міхалка. Ласун, але не «пан Міхал», а я — Міхаська.
Манька. Ну… Міхась… (П’юць гарбату і закусваюць).
Міхалка. Як гэта чалавек ніколі ня ведае, дзе яго шчасьце!… Калі ўчора цягнуў мяне сюды Сьцяпан, я не хацеў ісьці, думаў ужо варочацца дамоў… А вось што суджана, таго ня мінуць! Прыйшоў сюды, пабачыў цябе, закахаўся…
Манька (недаверчыва). Ну, так адразу і закахаўся!
Міхалка. Павер мне, Манечка, што кажу праўду! Я ад учора… але не! я ад сягоньняшняй ночы, як дурны. Я сягоньня яшчэ ня спаў. Я пайшоў за горад у лес. Я хадзіў і думаў, што гэта са мной робіцца?… Я ўсё думаў аб табе… Я ня мог дачакацца тае часіны, калі ізноў цябе пабачу. Нарэшце, я прыйшоў сюды, пад гэтыя вокны… Гляджу, рэстаран адчынены… Вось, думаю, добра!…