Маня! а ты ці думала аба мне хоць крышачку? (Абыймае яе).
Манька. Думала. Я цябе сьніла.
Міхалка. Ах, ты мая залаценькая!… Але чаму-ж ты нічога не ясі?
Манька. А ты? Вось маеш гэты кусочак… смачны… (дае яму кусок пірожнага).
Міхалка. Не, ня гэтак!… Калі смачны, дык хай будзе яшчэ смачнейшы. (Дае ей пірожнае у зубы). Вось так, бяры ў зубкі, трымай! (Нахіляецца над ёй і адгрызае з яе вуснаў кусок пірожнага). Вось так… (ядуць, сьмяюцца, цалуюцца).
Манька. Я цябе буду карміць, бо бачу, што ты ня хочаш нічога есьці.
Міхалка. Добра, але так як раней… Хадзі, сядай, птушачка, на мае калены!… (Саджае яе сабе на калены).
Галубоўскі (ўваходзіць; пабачыўшы ў чым справа, закашляў, адвярнуўся, каб не глядзець, узяў свой гармонік і пайшоў у другі пакой).
Манька (засароміўшыся). Пабачыў?
Міхалка. Нічога! Ён і ня гэткія рэчы бачыў.
Манька (ўспомніўшы). А!… а я й забылася спытацца: як-жа ж рука? баліць?
Міхалка. Глупства… Крыху…
Манька. Можа трэба перавязаць… Дай, я зраблю перавязку.
Міхалка. Не, ня трэба. Добра будзе.
Манька. Ах, як я ўчора страшэнна перапалохалася! Гэткі разбойнік!… Каб трапіў у сэрца, дык мог-бы забіць насьмерць.
Міхалка. А табе было-б шкада?
Манька. Ведама! Яшчэ пытаецца!