Міхалка. Птушачка, мая даражэнькая! (Туліць яе да сябе).
Уваходзяць 2 госьці.
І госьць (пабачыўшы, што на буфэце пуста, да Манькі). Што, яшчэ нічога няма?
Манька (бяжыць да дзьвярэй у кухню). Пані гаспадыня! Пані гаспадыня! Госьці прыйшлі! Трэба ўжо адчыняць буфэт.
Міхалка (падходзіць да Манькі). Я пад вечар прыду. Бывай здарова, Маня!
Манька. Прыдзі!
Міхалка. Прыду! (выходзіць).
Гаспадыня (ўваходзіць з ключамі ў руцэ). Можа, паночкі, пойдзеце ў гэты пакой (паказвае рукой на сярэднія дзьверы), бо тут яшчэ ня прыбрана. (Адчыняе буфэт).
Госьці. Добра. Усё роўна… (Ідуць у другі пакой).
Галубоўскі (спаткаўшыся з імі у дзьвярох). Добры дзень, паночкі! Паночкі сёньня раненька…
І госьць. Як маешся, стары п’яніца! (ідуць за сцэну).
Гаспадыня (ідучы за імі). Во, сядайце там, паночкі! Зараз вас абслужаць…
Манька (астаўшыся на сцэне адна, ізноў пачынае мыць шклянкі, выціраць талеркі і г. п.).
Грышка (уваходзіць; Манька яго ня бачыць).
Грышка. Маня!
Манька (спалохаушыся). Ах!
Грышка (падыходзіць да яе). Маня! Гневаешся?