Лякдугна. Фу, ідзі да ліха з гарэлкай! Вады дай! халоднай вады!
Галубоўскі (ідзе ў кухню). Я зараз, панок… У кухні стаіць зядро з вадой… (выходзіць).
Лякдугна. Ох, сабачае жыцьцё!… І які чорт выдумаў гэтую праклятую гарэлку!… Робяць людзі атруту і гэту атруту прадаюць яўна, адкрыта… Атручваюць людзей без ніякага страху і ніхто нікога за гэта не цягне ў вастрог… Дый яшчэ не было-б дзіва, каб піў нейкі готэнтот, няма дзіва, калі п’е Галубоўскі, — але я!! — інтэлігент! студэнт! паэт!… А чорт-бы мяне ўзяў!!…
Галубоўскі (уваходзіць з кубкам вады).
Лякдугна (п’е ваду прагавіта). О-ох! добра… (выпіўшы). Скажы мне, Діогэн, навошта я п’ю?
Галубоўскі. Як, панок, казаў?
Лякдугна. Скажы, нашто я п’ю?
Галубоўскі. Пасьля п’янства заўсёды смага пячэ.
Лякдугна. Але нашто я гарэлку п’ю?
Галубоўскі. Ня ведаю… Такая ўжо мусіць панская воля.
Лякдугна. А ты навошта п’еш?
Галубоўскі. Таксама ня ведаю… Здаецца, што як вып’ю, дык будзе лепш…
Лякдугна. А ўсё роўна дрэнна? праўда?… Вось аб тое й ідзе: ня п’еш — дрэнна, вып’еш — яшчэ горш… а аднак п’еш… Бо мы, Галубоўскі, запуталіся як мухі ў нейкай павучыне… або не! лепш скажу: мы папалі ў дрыгву… На Палесьсі — я там быў вучыцелем у адным