Лякдугна. Скажы мне, Галубоўскі, ці ты калі любіў?
Галубоўскі (недачуўшы). Чаго?
Лякдугна. Ці ты калі любіў дзяўчыну?
Галубоўскі. Кожнага дваццатага, як атрымоўваў пэнсыю…
Лякдугна (перапыняючы яго). Ах, не!… Я не аб тое… Ці ты любіў гэтак, каб табе было люба пацалаваць яе ручку, каб шчасьцем для цябе было глядзець у яе вочы, радасьцю — спаўняць яе жаданьні… Ці ты тужыў, адзін дзень яе ня бачыўшы?…
Галубоўскі. Не. Гэтак ня было.
Лякдугна. Ну, а сваю жонку?… Як жаніўся, ці жонку сваю ты любіў?
Галубоўскі. Я сам ня ведаю…
Лякдугна. Як гэта «ня ведаю»? Дык нашто-ж ты жаніўся?
Галубоўскі. Ня ведаю, як гэта выйшла… Я чыноўнікам быў, добрую службу меў, трыццаць рублёў браў, дык людзі прычапіліся: жаніся ды жаніся!.. Сасваталі… Пасьля, ад першых запаведзяў да самага шлюбу, паілі, каб, значыцца, не раздумаўся; пасьля — п’янага павязьлі ў касьцёл і жанілі… З жонкай нядоўга жыў, бо пасьля сам сьпіўся, са службы выгналі і жонка з хаты выгнала… «Ня трэба — кажа — мне гэткага п’янчугі, што нічога ня робіць, а толькі апошнія манаткі прапівае»…
Лякдугна. Але… Ня доўга, значыцца, ты цешыўся сваім «сямейным шчасьцем»… А вось у мяне жонкі ня было і мусіць