трэбы! Ведама, што няма нічога вечнага! (ідзе у сярэднія дзьверы).
Манька (сядае і закрыўшы вочы, голасна пачынае плакаць).
Міхалка (устрымаўшыся). Вось і пачалося! І чаго я, дурны, прылез сюды?!
Манька. Але!… «Чаго прылез!»… «Чаго прылез!»… Раней прыходзіў кожны дзень або й два разы ў дзень, а цяпер — «чаго прылез!»… Эх, праўду людзі казалі, перасьцерагалі: ня вер яму, ня вер!… Вось маю за гэта, што, не паслухалася добрай рады!
Міхалка (іронічна). Але! Трэба было слухацца апаша Грышкі, або сваей разумненькай сястрычкі, — тады-б добра было!
Манька. А ведама, што горай ня было-б!
Міхалка. Але… але…
Манька. А вось я нядаўна даведалася, што на гэтым тыдні ты ўжо выедзеш з Вільні… Чаму-ж ты мне аб гэтым нічога не казаў? Гэта праўда?
Міхалка. Але… Праўда. А я не казаў, бо яшчэ сам добра ня ведаў, калі паеду.
Манька. Ага! А я аб гэтым даведалася ад чужых людзей, а ты маўчаў… Ты хацеў уцячы ад мяне, — вось які ты! А ты-ж колькі разоў казаў, што не паедзеш!
Міхалка. Яшчэ чаго! Ты-б мо’ хацела, каб я для цябе й унівэрсытэту ня скончыў? Набяры-ж ты розуму! Ці ты ведаеш, што гаворыш?
Манька. Ты-ж казаў, што шлюб возьмем і паедзем разам.
Міхалка. Ізноў сваё: шлюб ды шлюб! Для