і носік будзе чырвоненькі… (да хлапцоў). Ну, калі ісьці, дык ісьці! Пойдзем!
Гаспадыня (увайшла пры апошніх словах Сьцяпана). Эх, гэтая Манька заўсёды папсуе інтэрас!
Сьцяпан. Але й Манечку бяром з сабой!… Паня гаспадыня! добра?
Гаспадыня. А хай сабе йдзе!… Але чаму-ж бы вам тут не пасядзець? Усё ёсць, чаго захочаце…
Сьцяпан. Калі вось Міхалка ня хоча… (да Міхалкі). Міхась! га? можа застанемся тутака?
Міхалка. Як сабе хочаце… Я — іду!
Сьцяпан. Ну, калі так, дык пойдзем! (да Манкі). Панна Маня! апранайцеся! Хутчэй!
Манька (ціха да Міхалкі). Ты хочаш, каб я з вамі йшла?
Міхалка. Яшчэ чаго! Нашто? Я ўцякаю адсюль, а яна са мной пойдзе!… Вось добра! …
Манька. Ах, так… Ты ад мяне ўцякаеш?… Добра… (сядае).
Сьцяпан. Ну, пойдзем ужо, хутчэй! (да Манькі). Пойдзем!
Манька. Я не пайду!
Сьцяпан. Чаму?
Манька. Не хачу! Не пайду! Адчапецеся!
Сьцяпан (сьціснуўшы плячыма). Ну, калі ня хочаце — ня трэба… Ну, марш, хлопцы! Да пабачэньня, панна Маня! Бывайце здаровы, пані гаспадыня! (пяе): Allons enfants de la patrie… (пяючы ўсе выходзяць на вуліцу).