VІ.
Гэты самы рэстаран, але ўжо мае іншы выгляд. На сьценах новыя абоі, сталы прыкрыты белымі настольнікамі, буфэт багата застаўлены закускамі.
У другім пакоі стаіць пяніно, на якім грае музыка, а другі — на іскрыпцы.
У глыбі сядзіць скорчыўшыся і абняўшы рукамі свой гармонік Галубоўскі. Твар бледны, грудзі упалыя, вочы сьвецяцца нездаровым бліскам. Ён час-ад-часу кашляе.
Пры адным са столікаў сядзяць 2 госьці і п’юць піва. На іхнім століку стаяць чаркі з недапітай гарэлкай і закускі.
Гаспадыня сядзіць за буфэтам.
Гаспадыня. Галубоўскі! Што-ж разсеўся, як які пан! Мог-бы памагчы ў кухні… Няхай ідзе ў складзік і прынясе дроў…
Галубоўскі. Я зараз, панічка… (выходзіць).
Гаспадыня. Эх, чалавек! Ні чорту качарга, ні Богу сьвечка, ды й годзі…
І госьць. А што-ж дзеецца з вашай Манькай? Нешта даўно ўжо яе не відаць…
Гаспадыня (махнуўшы рукой). Ат, ідыётка! Задурыла сабе голаву нейкім студэнтам…
І госьць. Ну?
Гаспадыня. І атруцілася. Нарабіла толькі мне клапоту. Узялі яе ў бальніцу і там мабыць памёрла.
І госьць. Шкада. Прыгожая была. дзяўчына…
Гаспадыня. Сама вінавата. Дурная была — ды й годзі!
І госьць. Бачу, музыку вы ў сябе завялі… Галубоўскі, значыцца, ужо ня грае?
Гаспадыня. Але, бо-ж самі падумайце, паночкі, якая гэта была музыка на гэтай