гармоніцы! Ды яшчэ як замычыць казой, дык хоць ты вушы затыкай! У мяне-ж рэстаран, дзякаваць Богу, а не шынок або піўная. Ніякі ня прыйдзе прызваіты госьць, калі будзе тут раўсьці гэты мачыляпа са сваім гармонікам… А трымаю яго з літасьці… Вось часам крыху каля кухні паможа: дроў насячэ, вады прынясе…
І госьць (да друга). Бачыш, колькі тут зьменаў праз той час, як нас ня было: грае музыка, рэстаран абноўлены, Манька атруцілася…
ІІ госьць. А Лякдугна, я чуў, павесіўся.
І госьць. Няўжо-ж? Змарнаваўся хлапец — шкода!
Гаспадыня. У апошні час піў бяз меры.
І госць. Дрыгва ўцягнула яго.
Галубоўскі (уваходзіць, сядае ў кутку, кашляе).
Гаспадыня. Дроў прынёс?
Галубоўскі. Прынёс, панічка!
Гаспадыня (выходзіць).
ІІ госьць. А раней мне больш тут падабалася. Гэты бруд, смурод, гніль, гэты Галубоўскі з гармонікам — гэта мела свой стыль. Цяпер стыль утрачаны.
І госьць. Надта ўжо было брудна, цяпер ляпей.
ІІ госьць. Э, не!… Хадзі, Галубоўскі! Запяі нам, браток, як калісь: «І пянёндзуф ня хцяла, ня хцяла»…
Галубоўскі. Нельга… Гаспадыня не пазваляе.
ІІ госьць. Глупства! Пяі! Хадзі сюды, дам чарку гарэлкі.