Галубоўскі (падыходзіць). Вось, калі ласка панская, дык крыху перцу, зябіць крыху, можа паляпшэе.
І госьць. Маеш перцу. (Дае яму перац).
Галубоўскі (сыпле ў чарку з гарэлкай, мешае вілкай і выпівае). На здароўе панам!
Госьці. Будзь здароў!
ІІ госьць. А цяпер пяі!
Галубоўскі. Калі баюся… Ну, зараз я вазьму гармонік… (бярэ гармонік, сядае побач гасьцей і пачынае пяяць ахрыплым траскучым голасам): І пянёндзуф ня хцяла…
Госьці (падпяваюць).
У гэты час уваходзіць прыкрыўшыся хусткай Манька. Яе ня бачаць. Яна з цікавасьцю аглядае знаёмае памешканьне, ідзе ў другі пакой і ня сьмела затрымоўваецца на парозе. Яе пабачыў кэльнэр і з дзівам глядзіць на яе.
Гаспадыня (уваходзіць). Галубоўскі, а Галубоўскі! А гэта-ж што! Ізноў п’янічуга пачаў раўсьці. Колькі разоў я табе казала, каб гэтага больш ня было! Хочаш мусі, каб я цябе вон выгнала!
Галубоўскі. Панічка, калі госьці…
Гаспадыня. Што — госьці? Мой хлеб ясі — мяне слухайся, а не гасьцей. А вам, паночкі, ня сорам? Замест ціха, спакойна пасядзець, паслухаць харошай музыкі, яны пачалі тут раўсьці разам з Галубоўскім. Не патрэбны мне гэткія госьці, што вып’юць на капейку, а шуму наробяць за рубель.
ІІ госьць. Калі ласка, пані, можа можна цішэй крыху.