Гаспадыня. Што цішэй? чаму цішэй? Я тут гаспадыня і не пазволю тут рабіць бравэрыі. Калі не падабаецца, дык можаце сабе ісьці, плакаць ня буду.
ІІ госьць (устае). Пойдзем адсюль.
І госьць. А я табе казаў: на якое ліха сюды ісьці? Захацелася табе старых настрояў — вось і маеш настрой. (Звоняць шклянкай, кідаюць на стол грошы і выходзяць).
Кэльнэр (зьбірае грошы).
Гаспадыня (пабачыўшы Маньку). А гэта-ж хто? Фаб’ян! хто гэта? чаго яна?.. (пазнаўшы). А! гэта-ж Манька! А ты-ж адкуль? Жыва?
Манька. Я ўжо выпісалася з бальніцы. Ня маю куды падзецца… Прыйшла да вас, панічка!
Гаспадыня. Не, каток! У мяне цяпер ужо ня тое! Думаеш, што ў мяне ізноў будзеш разводзіць свае любоўныя шуры-муры? Не! у мяне цяпер кэльнэр служыць. Менш клопату, а больш парадку… І да чаго-ж ты падобна! Страхацьцё. Гасьцей напалохаеш, як я цябе вазьму на службу. У мяне не багадзельня, каточак!
Манька (апусціўшы галаву, ідзе да дзввярэй).
Гаспадыня. Ну, чакай! куды-ж ты цяпер ідзеш? Куды-ж ты падзенешся?
Манька. Я сама ня ведаю… Сястра выехала, нікагусенька у мяне няма.
Гаспадыня. Ах, бяда з табой! Што мне з табой рабіць? Ну, ідзі ў кухню, будзеш памагаць мыць судзьдзё…