Галубоўскі. Грошы ня маю, а гармонік пасьля сьмерці…
Тадорка. А! я ведаю, хітры гад ты гэтакі! Узяў ты у мяне задатак і хочаш прадаць каму іншаму! Давай гармонік!… (тузаюцца).
Галубоўскі. Ня дам! Ня дам!
Гаспадыня і Кэльнэр (на гэты шум убегаюць; Кэльнэр выкідае Тадорку за дзьверы).
Гаспадыня. Што гэта? Вось ізноў бяда! Божа мой, ізноў Галубоўскі скандаліць! Зьвязаўся біцца з Тадоркай! Ну, але даўжэй гэта цярпець ня буду! Вон! зараз-жа вон! Разам са сваім гармонікам!
Кэльнэр (выпіхае Галубоўскага за дзьверы).
Гаспадыня (да Кэльнэра). А ты, Фаб’ян, ня бачыш, што тут робіцца? Я толькі на момант выйшла у кухню і зараз-жа авантура!
Кэльнэр. Я, панічка, абслужываў гасьцей, я ня бачыў. Не магу-ж на ўсе бакі разарвацца!
Гаспадыня. Эх, усе вы добрыя! Нічога нельга спусьціць з вачэй!.. А гдзе падзелася паўбутэлькі лікёру, што засталося з вялікага століка?
Кэльнэр. Пані забылася! Госьць заплаціў за цэлую бутэльку і усё выпіў.
Гаспадыня. Эй, эй, Фаб’ян! Я ведаю, які гэта госьць выпіў! (выходзіць).
Кэльнэр (адзін). А гадзіна баба! Усё бачыць шэльма, каб яна скісла! (выходзіць).