Галубоўскі (уваходзіць з гармонікам, трывожна аглядаецца і сядае). Мароз!.. Куды падзенуся? Няма навет дзе пераначаваць… А гэты прыстаў, каб аддаць гармонік. Ня дам гармонік! Пасьля сьмерці — няхай! Скажу, каб аддалі, а рубель на імшу! Божа мой! Грахі, ох, грахі! Пьяніцай быў, да сповядзі не хадзіў, о! Божа мой! Айчэ наш, ктурысь ест, свенцься імя твоя, бонць воля твоя…
Манька (уваходзіць). Што з вамі, пане Галубоўскі? Вы хворы?
Галубоўскі. Не, нічога — толькі ў горле душыць, трасе, мусі празяб… (кашляе).
Манька. Я вас абкрыю (акрывае яго сваей падранай хусткай).
Галубоўскі. Якая вы, панна Маня, якая вы… (хапае яе за руку і хоча пацалаваць).
Манька. Не, ня трэба, не!.. Што гэта? Вы плачаце пане Галубоўскі?
Галубоўскі. Не, (праз сьлёзы) не… я гэта так толькі…
Манька. Ня плачце, пане Галубоўскі! Вось я калісь таксама плакала… Цяпер, як усе сьлёзы выплакала, пабачыла, што й запраўды дурная была.
Галубоўскі. Я быў сягоньня… у жонкі… Нічога не хацеў, прасіў толькі, каб толькі пазволіла начаваць у кухні ля печкі, я-бы за тое ваду насіў, дроў-бы насек, а яна да мяне: «вон, стары пьяніца!» а каханак яе выскачыў і з ганку скінуў… Цяпер гаспадыня выгнала… Куды я падзенуся? Ох, каб хутчэй сьмерць прыйшла!