Манька. Сьмерць ніколі не прыходзе тады, калі яе клічаш…
Галубоўскі. Да мяне ужо ідзе… я ведаю… ужо нядоўга… Як я памру, вы, Маня, гармонік аддайце шаўцу Тадору, што напроціў, — ён вам дасьць рубель. Любіць хлопец граць на гармоніку, а ў яго ўжо стары, нічога ня варты, басы хрыпяць… Дык аддайце Тадору, а рубель дайце на імшу…
Манька. Што вам баліць, пане Галубоўскі? Можа вам памагчы — вы зусім, як бачу, хворы…
Галубоўскі. Нічога не баліць… Нічога не баліць… Толькі слаба, і душыць, і трасе і сена гэтае душыць… Ох, зьнімеце гэтае сена…
Манька. Якое сена? Тут няма ніякага сена! Не раскрывайцеся, калі вам сьцюдзена. Вось так абкрыйцеся…
Галубоўскі (няпрытомна). Сена душыць — у вачох сена… усюды сена… поўная хата сена… і скача, усё скача, сена скача.
Манька. Гэта вам так толькі здаецца… Сядзеце ціха!
Галубоўскі. Не магу, трэба ісьці — гаспадыня выгнала — будзе гневацца… (хоча ўстаць).
Манька. Дык сядзеце… Мала што гаспадыня казала, яна так толькі ў злосьці, пасьля адпусьціцца…
Галубоўскі. Божа мой! мароз… а сена ў вочы лезе… Семдзесят капеяк ужо ўзяў, дык гармонік трэба аддаць, бо скажа, што круцель…