Старонка:Дрыгва (1928).pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

Ігнась. Горача… Вады!.. (Агата бяжыць у кузьню і адтуль нясе вядро з конаўкаю). Млосна неяк…

Агата. Глыні трохі вады і можа адыйдзе.

Ігнась (бярэ ў руку конаўку, п‘е, а потым глядзіць у вочы Агаце). Ды шмат лепей! (Весялей). А ты старая ўжо спужалася?.. (Агата плача). Ды па гэтым жыў буду. (Мацае руку). Добра, што хоць костку не зачапілі! (Сяляне ўвесь гэты час стаялі, як укопаныя, і з пачуцьцём жаху глядзелі на Ігнася, а зараз відаць нясьмелы рух і асьцярожная ўхмылка).

Селянін (выходзіць наперад). Ня можа быць, каб кум Апанас пашоў на гэта! (Сярод сялян хваляваньне, гоман).

Струк (хітра). Ды не, дзе вы бачылі!.. Вось толькі мо‘ хто-небудзь карабін выкраў!..

Селянін. Ага! Дык-жа ён даўно памяняў на абрэз. (Ідзе стары дзед).

ЗЬЯВА III
Стары дзед — Агата — Ігнась — Струк — Сяляне

Стары дзед (доўга глядзіць на Ігнася). Ня будзе, дзеткі, дабра… (Усе напружана сочаць за кожным рухам дзеда, нібы чакаюць раскрыцьця сакрэту). Злавіць, шэльму, трэба!