Ігнась. Ха-ха-ха! Няма каго лавіць: шукай ветру у полі…
Стары дзед (Падыходзіць бліжэй да Ігнася, а за ім таксама і сяляне, таемна апавядае). А ты паслухай: еду гэта я каля могілак… (Глядзіць, каб дзе сесьці).
Агата (зьмятае хвартухом заслончык). Дзядунька, вось тут, даражэнькі!
Стары дзед (садзіцца). Гляджу, мой конь наставіў вушы… я туды, я сюды, нікога ня відаць… (Паўза). Потым стрэл!.. (Здрыгануўся). Конь у бок: нехта матнуўся… з абрэзам… Покуль я саскочыў з калёс… (Кашляе). Пхэ, пхэ… Зірк — ды нікога ўжо і няма.
Ігнась. (устае, глядзіць на селяніна). 3 абрэзам?.. (Селянін некалькі крокаў адыходзіць назад).
Струк. Ё…
Ігнась (паглядзеў на Струка). Ня можа быць! (Скрыгоча зубамі). А далей?
Стары дзед. Э, дай, божа, памяць!.. (Трымаецца за голаў). Ага, ага, успомніў: нібы каваль наш пабег за ім…
Ігнась (аглядаецца навокал). Барыс! Барыс! ці ня здурэў ён толькі… (Ходзіць то ўзад, то ўперад, застанавіўся). Хлопцы, дык як-жа, гэта так?..