Старонка:Дрыгва (1928).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

Агата. Не падабаецца нешта ён мне.

Ігнась. Усё-ж куды яны сышлі?

Агата. Да Банадысёвых пашлі. (Злосна). Няхай ідзе! Дзё-ж я яму вазьму розных прысмакаў…

Ігнась. Што, да Банадысёвых?… (Кусае губу). Дрэнна, калі так!..

Агата. Чаму дрэнна?

Ігнась. Калі кажу дрэнна, значыць дрэнна!

Агата. Дык няўжо мне аб гэтым нельга ведаць? Усё жыцьцё вось так!..

Ігнась (задуменна). Прыйдзе час, будзеш знаць. (Уваходзяць: Барыс Грыб і Алесь Струк. Барыс Грыб — быўшы чырвонаармеец, вясковы каваль, высокі, стройны, носіць шлем, іншая вопратка — сялянская, каля 28 год. Алесь Струк — вясковы кравец, апрануты ў падраны кажух, у руках аршын, які замяняе палку, гадоў 35).

ЗЬЯВА V
Агата — Ігнась — Грыб — Струк

Грыб. Добры вечар! (Скідае шлем і вешае на цьвік).

Струк. Добра ў вечар! (Сьмяецца і таксама шукае цьвіка павесіць шапку).

Агата. Няхай будзе добра! (Да Струка). Алеська, павесь вось там, каля скарача.