Не, ніяк ня выходзіць!.. Ногі блытаюцца… (Успамінае). Ну і дзяўчаткі, як журавіначкі!.. (Паўза). А Зоська, адна Зоська чаго варта, маладзенькая такая… Эх чорт вазьмі!.. (Паўза). Ня думаў я, што ў такім балоце ды гэткія чарцянаткі родзяцца!.. (Ходзіць па хаце). А гэта самая, „лявоніха“ нішто сабе… (Уваходзіць Зоська, маладая дзяўчына, рослая, вельмі прыгожая, каля 16 год).
ЗЬЯВА II
Сьцяпан — Зоська.
Зоська (як з-за парогу). Вось і я!.. А татка, яшчэ ня прышлі?..
Сьцяпан. Вельмі прыемна!.. (Працірае акуляры, надзяе і глядзіць на Зоську). Таткі яшчэ няма. Навошта ён вам?..
Зоська (саромліва). Чаго вы гэтак глядзіце?
Сьцяпан. А вы забараняеце?
Зоська. Ды глядзеце сабе, але…
Сьцяпан (перарывае). Але вы прыгожанькая такая, маладзенькая… (Падыходзіць да Зоські). Зорачка ясная!.. (Хоча абняць).
Зоська (напалохана). Што вы? Што вам трэба?
Сьцяпан. Я нічога… так сабе… хацеў паскакаць, гэту самую вашу „Лявоніху“…