Старонка:Дрыгва (1928).pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

Банадысь (глядзіць у вакно). Завіруха пачалася… (Уздрыгвае). Брр!!. Холадна неяк…

Сьцяпан (таксама глядзіць у вакно). Але, нібы мяцеліца. (Паўза). Эх, люблю такую зіму!

Банадысь (устае, ходзіць па хаце). Мусіць дрэнна будзе?.. (Паўза). У Ігнася ўчора да поўначы сядзелі, дый сягоньня ўвесь дзень дзьверы не зачыняліся… Кажуць, што і настаўніца, Ганна Піліпаўна, зараз у Ігнася, аб чымсьці раяцца…

Сьцяпан (кусае губу). Няўжо хто?..

Банадысь (перарывае). Ды не! (Паўза). Адносна гэтага ня бойцеся. Здаецца-ж нікога чужога ня было.

Сьцяпан. А комсамольцы тут ёсьць?

Банадысь. Дзіўна, а дзе іх няма!.. Гэта-ж такое насеньне!.. (Паўза). Юзік Настулін — гэты нічога, але вось Пятрусь — заядлы хлапец. (Паўза). Учора нібы ў комсамольцы запісаўся, а калі так, дык тады яшчэ горай…

Сьцяпан. Які гэта Пятрусь?

Банадысь. Ігнасяў хлапец, у сямігодцы разам з маёю Зоськаю вучацца, кажуць, што здольны вельмі, першым вучнем ідзе… (Паўза). Ну, трэба снасьць прыбраць, а то назьбіраецца гэтых жэўжыкаў, дык таго і глядзі, каб ня сьцібрылі чаго… (Прыбірае).