Старонка:Дрыгва (1928).pdf/61

Гэта старонка не была вычытаная

Агата. Няхай пабудзе трохі адчыненай, а то накурылі поўную хату, дыхнуць няма чым…

Бягунец. А як-жа, якраз будзе так, як ты скажаш!? (Хоча зачыніць дзьверы, Агата не дае).

Струк. Чаго ты прыстаў да яе? Што табе патрэбна?

Бягунец. Не твая справа! (Зачыняе дзьверы). Гавэнда! — глядзі, якая гаспадыня знайшлася. (Махае рукамі).

Струк. Ты, гавэнда! — розуму ня меўшы, рукамі не растлумачыш…

Бягунец (падыходзіць да Струка, голасна). Нешта ты сёньня разбрахаўся! Глядзі ў мяне!

Струк. У-га!

Бягунец. Што?.. (Паказвае кулак). Вось як дам!..

Струк (сьмела). Ня лезь, як аса, а то ў вочы плюну!..

Бягунец (замахвае кулаком). Ах ты!

Грыб (хватае за руку). Што гэта?..

Ігнась. Апанас, ты здурнеў, ці якая трасца з табою здарылася. Ідзі лепей паслухай, што будуць людзі казаць. (Да Банадыся). Дык адчыняй ужо, даволі таргавацца.

Банадысь. Мужчыны, дазвольце сход лічыць адчыненым.