Старонка:Дрыгва (1928).pdf/72

Гэта старонка не была вычытаная

заставайцеся тут, трэба канчаткова абгаварыць дый за справу.

Галасы. У-га! Якая разумная! Няма часу.

Ігнась (горача). Мужчыны! — браточкі родныя, давайце пагаворым, я-ж ні вам, ні сабе ліха не жадаю, мо‘ хоць пазагуменьне асушым, а там і далей.

Бягунец. Няма дурняў.

Струк (сьмяецца). А вось-жа адзін знайшоўся.

Бягунец (злосна). Дык няхай разумныя пачынаюць, а дурні і пачакаць могуць! (Зьвяртаецца да ўсіх). Праўда?

Галасы. Праўда! Праўда!

Грыб. Апанас! — ты ня дурыся, — калі ня хочаш сам прыймаць удзелу, дык можаш ісьці, няма чаго народ баламуціць.

Бягунец. Ну і пайду. Падумаеш, колькі хванабэры, дзе вы толькі набраліся яе? (Энэргічна). Ну, дык пойдзем, мужчыны! (Выходзіць, а за ім частка сялян).

Агата (зьвяртаецца да выходзячых). Мужчынкі, родненькія, даражэнькія, — ня слухайце гэтага дурня. Ён-жа за чарку гарэлкі ўсіх вас прадасьць. (Апошні выходзячы зачыніў дзьверы). Божухна мой мілы, нічога мусіць ня будзе. (Да Ігнася). Глядзі вось: застаўся гол, як сакол…