стары дзед з люлькаю ў зубох і касою на плячах. Адзеўшыся ў белыя порткі і белую кашулю, падпярзан саматканым поясам. У адней руцэ збан са страваю, за плячыма торба з хлебам).
ЗЬЯВА II.
Грыб — Стары дзед.
Стары дзед. Памагай бог!
Грыб. Э-э, чорт!.. (Да дзеда). Што вы кажаце?..
Стары дзед. Знацца, кажу: памагай бог. (Глядзіць у вочы Грыбу). А ты не чартыкайся! (Ставіць збанок каля кузьні, зьнімае касу з торбачкаю і таксама кладзе). Нядобра! (Глядзіць, каб дзе прысесьці). З богам неяк спарней…
Грыб (паказвае рукою). Вунь калодачка, сядайце.
Стары дзед (бярэ калодачку, ставіць бліжэй). Каб сказаў многа прайшоў, а гэтак стаміўся. (Садзіцца). Э-эх, цяжка жыць на белым сьвеце… (Пыхкае люльку). Гм… патухла. (Мацае ў кішэнях). І запалак няма. А бадай цябе чэрці ўзялі, гэта-ж мусіць яна выцягнула.
Грыб. Хто?
Стары дзед. Ды старая мая, а бадай яе…