павінна быць асабліва пільнай, загадаў наладзіць сувязь, выслаць дазоры і наогул трымаць вуха востра. Часць жалнераў пашла ў нарад, а рэшта разышліся па хатах.
Страх агарнуў бабку Насту, калі яна ўбачыла на дварэ жалнераў. У хаце з ёю быў адзін толькі Панас. Жалнеры накіраваліся ў хату. Іх было трое. Увайшлі, не павітаўшыся, акінулі вачамі хату.
- А дзе, стара, твая нявестка? - запытаў у бабкі адзін жалнер.
- Да бацькоў пашла, панок! - у страсе адказала бабка Наста.
- А ты не кламеш? - зноў запытаў жалнер.
Бабка не зразумела і маўчала.
- А ты вадзіў кампанію з большэвікамі? - раптам запытаў другі жалнер Панаса.
- Не! - адказаў хлапец.
- А большэвікі стаялі ў вас? - дапытваліся жалнеры.
- Стаялі па хатах. Усюды стаялі.
- А чаму гэта вашу хату абраў большэвіцкі камісар?
- А ці я ведаю? - паціснуў плячамі Панас.
- О, пся маць ваша! Большэвікі!.. А дзе бацька?
Нашумеўшы, пагразіўшы, жалнеры вышлі з хаты. Яшчэ ў большым страсе калацілася бабка Наста. Што-ж будзе з старым? і дзе ён? Можа дзе злавілі ўжо яго? Нарэшце надумаліся шукаць потайкам дзеда і папярэдзіць яго, каб не ішоў дахаты.