Старонка:Дуброўскі.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

Дуброўскага іску адмовіць, бо належачы яму маёнтак варочаецца ў яго ўладанне, не із'емля з онага нічога. А што пры ўводзе за яго выявіцца можа ўсё без астачы, даць на меркаванне генерал-аншэфу Траекураву, калі ён мае аб гэтай сваёй пратэнзіі якія-небудзь ясныя і законныя доказы, можа прасіць дзе належыць асобна. Гэтае рашэнне абвясціць як істцу, роўна і адказчыку, на законным угрунтаванні, апеляцыйным парадкам, якіх і выклікаць у гэты суд для выслухання гэтага рашэння і подпісу задавалення, або незадавалення праз паліцыю.

Якое рашэнне падпісалі ўсе прысутныя таго суда.

Сакратар змоукнуў, засядацель устаў і з нізкім паклонам звярнуўся да Траекурава, запрашаючы яго падпісаць паперу. З урачыстым выглядам Траекураў узяў ад яго пяро, падпісаў пад пастановай суда поўнае сваё задаваленне.

Чарга была за Дуброўскім. Сакратар паднёс яму паперу. Але Дуброўскі стаяў і не варушыўся, унурыўшы галаву.

Сакратар яшчэ раз запрасіў яго падпісаць сваё поўнае і дасканалае задаваленне, або адкрытае нездаваленне, калі, звыш чакання, адчуе на сумленні, што на яго баку праўда, і мае намер у вызначаны законам час прасіць па апеляцыі куды належыць.

Дуброўскі маўчаў... Раптам ён ўзняў галаву, вочы яго бліснулі, ён тупнуу нагой, адштурхнуу сакратара з такой сілай, што той упаў, хапіў чарнільніцу і шпурнуу ёй у засядацеля. Усіх апанаваў жах. «Як! не шанаваць божай царквы! вон, хамава племя!» — Пасля да Кірыла Петровіча: «Ці чуў хто дзе, ваша прэвасхадзіцельства — гаварыў ён, — сабакары ўводзяць сабак у божую царкву! Сабакі бегаюць па царкве. Я вам пакажу!..» Старажы збегліся на шум і ледзве яго сцішылі. Яго вывелі і пасадзілі у сані. Траекураў вышаў следам за ім, разам з усім судом. Раптоўнае вар'яцтва Дуброўскага моцна падзейнічала на яго настрой і сапсавала яго ўрачыстасць. Суддзі, якія спадзяваліся на яго падзяку, не мелі ад яго ніводнага ветлівага слова. Ён у той-жа дзень выехаў у Пакроўскае. Дуброўскі тымчасам ляжаў у пасцелі, павятовы лекар, на шчасце не зусім без адукацыі, паспеў пусціць яму кроў, паставіць п'яўкі і шпанскія мухі; да вечара яму стала лягчэй, хворы дайшоў да памяці. На другі дзень павезлі яго ў Кісцянёўку, якая ўжо яму амаль што не належала.