Старонка:Дуброўскі.pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

чулі. — Ты-б мог, жывучы ў Пецербургу, далажыць аб тым цару-бацюшку, а ён-бы не папусціў нас у крыўду. — Астаюся твая верная раба,

нянька Арына Егораўна Бузырова.

Пасылаю маё мацярынае блаславенне Грышу; ці добра ён табе служыць? — У нас дажджы ідуць вось ужо другі тыдзень, і пастух Родзя памёр каля Міколінага дня.

Владзімір Дуброўскі некалькі разоў прачытаў гэтыя даволі бязглуздыя радкі з незвычайным хваляваннем. Ён страціў маці яшчэ ў малыя гады і, амаль не ведаючы бацькі свайго, быў прывезен у Пецербург на восьмым годзе свайго узросту. З усім гэтым ён раманічна быў прывязан да бацькі і тым больш любіў сямейнае жыццё, чым менш паспеў задаволіць душу яго ціхімі радасцямі.

Думка страціць бацьку свайго цяжка рвала яго сэрца, а стан небаракі хворага, аб якім ён здагадваўся з ліста свае нянькі, наганяў на яго жах. Ён уяўляў бацьку, пакінутага ў глухой вёсцы, на руках дурной старой і дваровых людзей, якому пагражае нейкая бяда і які чэзне без дапамогі ў пакутах цела і душы. Владзімір упікаў сябе у злачыннай лёгкадумнасці. Доўга не меў ён ад бацькі ніякай весткі і не падумаў аб ім дазнацца, мяркуючы, што той у раз'ездах або ў гаспадарчым клопаце.

Ён наважыў да яго ехаць і нават выйсці ў адстаўку, калі хворы стан бацькі будзе вымагаць яго прысутнасці. Таварышы, заўважыўшы яго неспакой, пайшлі. Владзімір, астаўшыся адзін, напісаў просьбу аб водпуску, закурыў люльку і паглыбіўся ў думкі.

У той-жа дзень пачау ён клапаціцца аб водпуску і праз два дні пусціўся ў дарогу на станцыйных конях, з верным сваім Грышам.

Владзімір Андрэевіч набліжаўся да той станцыі, з якой павінен быў звярнуць на Кісцянёўку. Сэрца яго поўнілася сумнымі адчуваннямі, ён баяўся, што не застане бацьку жывога, ён уяўляў сабе сумны лад жыцця, які чакае яго ў вёсцы: глуш, бязлюднасць, беднасць і клопат аб справах, якіх ён не разумеў нічога. Прыехаўшы на станцыю, ён увайшоў да даглядчыка і запытаў вольных коней. Даглядчык, даведаўшыся, куды трэба было яму ехаць, сказаў, што коні, прысланыя з Кісцянёўкі, чакалі яго ўжо чацвертыя суткі. Неўзабаве з'явіўся да Владзіміра Андрэевіча стары фурман