Старонка:Дуброўскі.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

Антон, што калісьці вадзіў яго па стайні і даглядаў яго маленькага канька. Антон заплакаў, убачыўшы яго, скланіўся яму да зямлі, сказаў што яго стары пан яшчэ жывы і пабег запрагаць коні. Владзімір Андрэевіч адмовіўся ад снедання і спяшаў выехаць. Антон павёз яго палявымі дарогамі, між імі пачалася гаворка.

— Скажы, калі ласка, Антон, якая справа ў бацькі майго з Траекуравым?

— А бог іх ведае, Владзімір Андрэевіч... пан, значыцца, не паладзіў з Кірылам Петровічам, а той і падаў у суд — хоць найбольш ён сам сабе суддзя. Не наша халопская справа разбіраць панскую волю, а дальбог, дарма бацюхна ваш пайшоў на Кірылу Петровіча, бізуном абуха не пераб'еш.

— Дык, відаць, гэты Кірыла Петровіч у вас што хоча, тое і робіць?

— А пэўна што, паночку — засядацеля, значыцца, ён і ў грош не ставіць, іспраўнік у яго на пабягушках, паны з'язджаюцца да яго на паклон; і то сказаць — абы было карыта, а свінні знойдуцца.

— Ці праўда, што адбірае ён у нас маёнтак?

— Ох, паночку, чулі так і мы — гэтымі днямі пакроўскі панамар сказаў на хрэсбінах у нашага старасты: даволі вам гуляць; вось зараз возьме вас у рукі Кірыла Петровіч. Мікіта каваль і сказаў яму: сціхні ты, Савельіч, не палохай, як кажуць, людзей, не бянтэж гасцей — Кірыла Петровіч сам па сабе, Андрэй Гаўрылавіч сам па сабе, а ўсе мы божыя і царавы; але-ж да чужога роту гузіка не прышыеш.

— Значыцца, вы не хочаце перайсці пад уладанне Траекурава?

— Пад уладанне Кірылы Петровіча? Няхай бог бароніць, у яго там і сваім дрэнна прыходзіцца, а будуць чужыя, то ён з іх не толькі скуру, але і мяса здзярэ. Не, дай божа доўга жыць Андрэю Гаўрылавічу, а калі ўжо аддасць ён богу душу, то не трэба нам нікога, апроч цябе, наш дабрадзей. Не папускай ты нас у крыўду, а мы ўжо за цябе станем.

Пры гэтых словах Антон замахнуў пугай, тузануў лейцы, і коні паімчаліся шпарка.

Расчулены адданасцю старога фурмана, Дуброўскі змоўк і аддаўся сваім думкам. Прайшло больш як гадзіна часу, раптам Грыша абудзіў яго, гукнуўшы: «Вось Пакроўскае!» Дуброўскі ўзняў галаву. Ён ехаў берагам шырокага возера, з якога выцякала рэчка і далёка выгіналася паміж узгоркаў; на адным з іх, над густым зелянівам гаю, узвышаўся зялёны