Старонка:Дуброўскі.pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

Ён змоўк і ўпаў у санлівасць. Владзімір жахнуўся, гледзячы на бацьку. Ён астаўся ў яго спальні і прасіў, каб яго пакінулі аднаго з бацькам. Дамашнія паслухалі, і тады усе звярнуліся да Грышы і павялі да сябе, дзе і пачаставалі яго па-вясковаму, з шчырай гасціннасцю, замучыўшы яго запытаннямі і прывітаннямі.

Глава ІV

Где стол был яств, там гроб стоит.Державин

Праз некалькі дзён пасля свайго прыезду малады Дуброўскі хацеў заняцца справамі, але бацька яго не меў сілы даць яму патрэбныя тлумачэнні, а ў яго не было паверанага. Разглядаючы бацькавы паперы, знайшоў ён толькі першы ліст засядацеля і чарнавы адказ на яго, з чаго не мог ён мець яснага уяўлення аб цеганіне і надумаўся чакаць, што будзе далей, спадзеючыся на праўду самой справы. Тымчасам здароўе Андрэя Гаўрылавіча ўсё пагоршвалася. Владзімір прадбачыў, што яно зусім занепадзе і не адыходзіў ад старога, які зусім здзяцінеў.

Тымчасам вызначаны тэрмін скончыўся, і апеляцыя не была пададзена. Кісцянёўка належала Траекураву. Шабашкін з'явіўся да яго з паклонамі і віншаваннямі і просьбай назначыць, калі яго прэвасхадзіцельства зажадае уступіць ва ўладанне нованабытым маёнткам — сам, або каму зробіць ласку даць на тое даручэнне. Кірыла Петровіч збянтэжыўся. З натуры не быў ён сквапны, жаданне помсты завяло яго занадта далёка, сумленне яго не было спакойнае. Ён ведаў, у якім стане яго праціўнік, стары таварыш яго маладосці, і перамога не радавала яго сэрца. Ён грозна зірнуў на Шабашкіна, шукаючы да чаго-б прычапіцца, каб яго вылаяць, але, не знайшоўшы яснай на гэта прычыны, сказаў яму злосна:

— Пайшоў вон, не да цябе.

Шабашкін, бачачы, што ён не ў гуморы, скланіўся і заспяшаўся выйсці. А Кірыла Петровіч, астаўшыся адзін, пачаў расхаджваць узад і ўперад, высвістваючы: «Гром победы раздавайся», што заўсёды азначала у ім незвычайнае хваляванне думак.

Нарэшце ён загадаў запрагчы сабе раз'ездныя драбінкі, цёпла апрануўся (гэта было ужо ў канцы верасня) і без фурмана выехаў з двара.