Старонка:Дуброўскі.pdf/19

Гэта старонка была вычытаная

Пачалася сумятня. Людзі кінуліся ў пакой старога пана. Ён ляжаў у крэслах, на якія перанёс яго Владзімір; правая рука яго вісела да падлогі, галава спушчана была на грудзі — не было ўжо і адзнак жыцця ў гэтым целе, яшчэ не астылым, але ўжо агідна кранутым скананнем. Егораўна загаласіла; слугі абступілі труп, пакінуты на іхнія рукі — вымылі яго, адзелі ў мундзір, пашыты яшчэ у 1797 годзе і паклалі на той самы стол, за якім колькі год яны служылі свайму пану.

Глава V

Пахаванне адбылося на трэці дзень. Цела небаракі старога ляжала на стале, накрытае саванам і абкружанае свечкамі. Сталовая поўна была дваровых. Рыхтаваліся да вынасу. Владзімір і трое слуг паднялі труну. Свяшчэннік пайшоў наперад, дзяк каля яго, спяваючы пахавальныя малітвы. Гаспадар Кісцянёўкі ў апошні раз перайшоў за парог свайго дома. Труну панеслі гаем. Царква была за ім. Дзень быў ясны і халодны. Асенняе лісце падала з дрэў.

Пры выхадзе з гаю, убачылі кісцянёўскую драўляную царкву і могільнік, зарослы старымі ліпамі. Там было пахавана цела Владзіміравай маці, там, каля магілы яе, напярэдадні выкапана была свежая яма.

Царква поўна была кісцянёўскіх сялян, якія прышлі аддаць апошняе пакланенне пану свайму. Малады Дуброўскі стаў ля кліраса: ён не плакаў і не маліўся, але твар яго быў страшчы. Жалобны абрад скончыўся. Владзімір, першы пайшоў развітацца з целам, за ім усе дваравыя. Прынеслі века і забілі труну. Бабы моцна галасілі; мужыкі часта выціралі слёзы кулакамі. Владзімір і тыя-ж трое слуг панеслі труну на могілкі, следам ішла ўся вёска. Труну спусцілі ў магілу, усе. што былі тут, кінулі ў яе па жмені пяску, яму засыпалі, пакланіліся ёй і разышліся. Владзімір шпарка пайшоў, усіх апярэдзіў і знік у Кісцянёўскім гаю.

Егораўна ад імя яго запрасіла папа і ўвесь прычт царкоўны на жалобны абед, абвясціўшы, што малады пан не мае намеру на ім быць; і такім чынам айцец Антон, пападдзя Федотаўна і дзяк пешкі рушылі на панскі двор, разважаючы з Егораўнай аб добрачыннасцях нябожчыка і аб тым, што, як відаць, чакала яго сына (прыезд Траекурава і тое, як яго прынялі, былі ўжо вядомы ўсяму наваколлю, і тамашнія палітыкі прарочылі важныя гэтаму вынікі).

— Што будзе, то будзе, — сказала пападдзя, — а шкада,